СТЭРЭАТАПАГРАФІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА (ад стэрэа... + грэч. topos месца + ...граф), стэрэафотаграмметрычная здымка,

метад тапаграфічнай здымкі, пры якім адлюстраванне контураў і рэльефу мясцовасці на картах атрымліваюць з дапамогай стэрэапар аэрафотаздымкаў зямной паверхні. Базіруецца на даследаваннях стэрэафотаграмметрыі. Асн. працэсы С.з.: аэрафотаздымка мясцовасці; вызначэнне геадэзічных каардынат некат. апорных пунктаў і маршрутнае дэшыфраванне; камеральныя работы (згушчэнне сеткі апорных пунктаў, суцэльнае дэшыфраванне, здымка контураў і рэльефу, складанне арыгінала карты). Згушчэнне апорных пунктаў выконваецца аналагавым спосабам з дапамогай стэрэафотаграмметрычных прыладаў, або аналітычным спосабам, калі вымярэнне каардынат пунктаў здымка выконваецца на аналіт. прыборах. С.з. выкарыстоўваецца для стварэння карт і планаў, вывучэння лінейных аб’ектаў, помнікаў архітэктуры, дынамічных з’яў, пошуку карысных выкапняў.

Ф.​Е.​Шалькевіч.

т. 15, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)